Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Вобраз жанчыны ў фарфоры

  • 27.02.2018

Выстаўка "Вобраз жанчыны ў фарфоры», прадстаўленая калекцыянерам Віктарам Суворавым, аб'яднала фарфоравыя статуэткі заводаў Германіі, Расіі, Украіны, Латвіі і Беларусі, створаныя ў перыяд ад 30-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён.

В. Г. Сувораў  член праўлення Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання калекцыянераў. Больш за 40 гадоў прысвяціў калекцыянаванню латарэйных і дабрачынных квіткоў, звыш 15 гадоў захапляецца фарфорам. У дадзеным праекце прадстаўлена невялікая частка калекцыі.

Толькі за апошні год фарфоравая калекцыя была прадстаўлена на выстаўцы да 950-годдзя горада Мінска. Рэалізаваны таксама праекты персанальных выставак фарфору, якія праводзіліся ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь: да Дня жанчын «Натхнёныя вобразы»; да Дня гумару «Фарфоравы сасуд», да Дня ведаў «Школьныя лабірынты», да Новага года «Зімовая фантазія». У рамках Года культуры (2017) адбылася ўнікальная ў сваім родзе выстаўка бюстаў вялікіх людзей, а найбольш маштабным і значным праектам стала прэзентацыя калекцыі латарэйных білетаў ваеннай тэматыкі.

Класіка савецкіх фарфоравых статуэтак – гэта вобразы жанчыны ў спорце, у сельскай гаспадарцы і прамысловасці. На выстаўцы прадстаўлены фарфоравыя вобразы клапатлівых мам, вытанчаных балерын, казачных літаратурных персанажаў Папялушкі і Чырвонай шапачкі, Гаспадыні меднай гары.

Далікатныя фігуркі жывуць сваім жыццём, і ў кожнай свая гісторыя і свой фарфоравы лёс.