Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Музыка Перамогі"

  • 08.05.2018

З 8 мая ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

пачынае працаваць выстаўка “Музыка Перамогі”

(да 100-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі

ваеннага дырыжора Барыса Міхайлавіча Пенчука)

Выстаўка прысвечана народнаму артысту Беларусі Барысу Міхайлавічу Пенчуку, якому выпаў гонар дырыжыраваць легендарным парадам Перамогі ў 1945 годзе ў Маскве на Чырвонай плошчы.

Нарадзіўся Барыс Міхайлавіч 15 мая 1918 года ў Анапе ў сям’і прафесійнага трубача. Юнаком удзельнічаў у самадзейным духавым аркестры Пуцілаўскага завода ў Ленінградзе. У 1936 годзе Барыс Міхайлавіч пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію і стаў салістам-трубачом аркестра 201-га стралковага палка. Пасля вучыўся ў Леніградскім музычным вучылішчы і на ваенна-дырыжорскім факультэце Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага.

У гады Вялікай Айчыннай вайны была эвакуацыя ў Свярдлоўск, прызначэнне ваенным дырыжорам танкавага палка, цяжкае раненне ў руку, якое ледзь не каштавала музыку прафесіі. А 24 чэрвеня 1945 года Барыс Пянчук з чатырма аркестрамі ў складзе тысячатрубнага зводнага аркестра ўдзельнічаў у легендарным Парадзе Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве.

У мірны час быў дырыжорам аркестраў вайсковых часцей, штаба Ленінградскай ваеннай акругі, начальнікам ваенна-аркестравай службы. У 1962 годзе пераведзены ў Мінск. Аўтар марша «Партызаны Беларусі», «Беларускага марша», «Страявога марша», шматлікіх апрацовак і перакладаў твораў беларускіх кампазітараў.

У 1970 годзе ўдастоены звання «Народны артыст БССР», з 1986 года з’яўляўся прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У лістападзе 2003 года за заслугі ў развіцці нацыянальнай музычнай культуры і актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручыў Барысу Пенчуку медаль Францыска Скарыны.

Памёр Барыс Міхайлавіч Пянчук у 2009 годзе.

На выстаўцы прадстаўлены экспанаты з фондаў музея і архіва сям’і артыста: асабістыя рэчы, узнагароды, дакументы і фотаздымкі.

Сардэчна запрашаем!