Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка “Мастак у люстэрку сцэны” да 105-годдзя з дня нараджэння Кульваноўскага Уладзіміра Пятровіча

З 15 жніўня пачынае працу выстаўка “Мастак у люстэрку сцэны”

(да 105-годдзя з дня нараджэння  беларускага тэатральнага мастака

Кульваноўскага Уладзіміра Пятровіча)

 

Беларускі тэатральны мастак Кульваноўскі Уладзімір Пятровіч нарадзіўся 15 жніўня 1918 г. у  Мінску.

У 1934 годзе паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча, якое скончыў у 1938 годзе. Вучыўся ў мастакоў І.В. Ахрэмчыка, В.К. Дзежыца, Л.М. Лейтмана. З 1938 года працаваў у Вялікім тэатры оперы і балета.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыў у Мінску. Пасля вызвалення горада, 7 ліпеня 1944 года Уладзімір Кульваноўскі быў прызваны ў Чырвоную армію, на 3-ці Беларускі фронт. За праяўленую мужнасць быў узнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі.

З 1959 года член Беларускага саюза мастакоў.

Працаваў у галіне сцэнаграфіі ў Беларускім Вялікім дзяржаўным акадэмічным тэатры оперы і балета з (1938 – 1994 г). Аўтар эскізаў дэкарацый і касцюмаў да спектакляў: «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага (1953), «Трубадур» Дж. Вердзі (1955, 1964), «Шукальнікі жэмчугу» Ж. Бізэ (1956), «Манон»

Ж. Маснэ (1958), «Падстаўная нявеста» Г. Вагнера (1958), «Церам-церамок»

І. Польскага (1961), «Кето і Катэ» В. Далідзе (1962), «Князь Ігар» А. Барадзіна (1977), «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні. Творчасці мастака характэрны яркая жывапіснасць, гістарычная выразнасць эпохі твораў, схільнасць да лірычнай вобразнасці.

 Мастак працаваў таксама ў жывапісе і графіцы. Стварыў серыю графічных лістоў, прысвечаных старажытнаму Мінску. З’яўляецца аўтарам жывапісных лірычных пейзажаў.

У фондах Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры захоўваецца 28  твораў Уладзіміра Кульваноўскага. На выстаўцы  прадстаўлены работы мастака рознага перыяду.