Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Тэатр у маім жыцці"

  • 05.03.2021
З 5 сакавіка ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачынае працу выстаўка Таццяны Лісавенка "Тэатр у маім жыцці"

Таццяна Лісавенка займаецца дызайнам адзення і сцэнічнага касцюма, мае багаты вопыт у якасці дызайнера-мадэльера. З 1985 па 2013 год распрацоўвала дызайн трыкатажных палотнаў і мадэлі адзення для трыкатажнай фірмы «Алеся». Дыпламант шматлікіх конкурсаў сярод мадэльераў, член Саюза дызайнераў з 1996 года, з 2016 выкладае тэатральны касцюм у БДАМ.
У 1990 годзе рэжысёр, народны артыст Беларусі Барыс Іванавіч Луцэнка для пастаноўкі спектакля «Амфітрыён» у якасці мастака па касцюмах вырашыў запрасіць мадэльера. Таццяна вырашылася на гэты эксперымент, і яе тэатральны дэбют аказаўся ўдалым. Спектакль «Амфітрыён» ішоў на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага больш за 12 гадоў. З 1992 года пастаянна працуе і як тэатральны мастак у галіне сцэнічнага касцюма. Аформіла больш за 70 пастановак у розных тэатрах Беларусі.
У 2011 годзе распрацавала дызайн касцюмаў да балета "12 стульев", у 2013 да мюзікла «Соф'я Гальшанская» для Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. У розны час супрацоўнічала з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета, з Магілёўскім драматычным тэатрам, з тэатрам Генадзя Гладкова «Тэрыторыя мюзікла», з тэатрам аднаго акцёра «Знiч», з тэатрам Славы Іназемцава, з «Альфа-тэатрам».
З апошніх значных тэатральных работ - спектакль «Труффальдзіна з Бергама» у пастаноўцы Ганны Маторнай у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры і два спектакля Гомельскага моладзевага тэатра: «Дзядзька Ваня» А.П.Чэхава ў пастаноўцы рэжысёра Віталя Краўчанкі і «Сільвія» Альберта Герні мл. у пастаноўцы рэжысёра Уладзіміра Пятровіча.
На выставе, створанай напярэдадні 8 сакавіка, будзе прадстаўлена рэтраспектыва эскізаў касцюмаў у асноўным жаночых гераінь, створаных мастаком на працягу 28-мі гадоў творчай дзейнасці.