Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 75-годдзя з дня нараджэння Кірычэнка Мікалая Міхайлавіча

  • 16.03.2021

Да 75-годдзя з дня нараджэння Кірічэнка Мікалая Міхайлавіча.

Мікалай Міхайлавіч Кірычэнка – народны артыст Беларусі, прафесар, у 2005-2009 гг. –дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Нарадзіўся 16 сакавіка 1946 г. у Маладзечна, у сям'і вайскоўца. Яго бацька – украінец, маці –армянка.

У 1969 г. Мікалай Кірычэнка скончыў акцёрскі факультэт Беларускага тэатральнага-мастацкага інстытута (курс Д. Арлова), і з 1969 па 1971 гг. служыў акцёрам Брэсцкага абласнога тэатра драмы. Сярод роляў – Грубэр (“Прывіды вяртаюцца” Я. Рудскага), Пётр Аленскі (“Праз сто гадоў у бярозавым гаі” В. Карастылёва), Цвяткоў (“Чалавек і глобус” В. Лаўрэнцева), Дон Марцін (“Дон Хіль – зялёныя штаны” Тырса дэ Маліны).  У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы –з 1971 г. Падчас працы выканаў шэраг выбітных роляў, такіх як Язэп Карыта (“Ажаніцца – не журыцца” Далецкіх і М. Чарота), Холад (“Звон – не малітва” І. Чыгрынава), Ягайла, Мнішак (“Князь Вітаўт”, “Чорная панна Нясвіжа” А. Дударава), Салёны (“Тры сястры” А. Чэхава), Вагін (“Дзеці сонца” М. Горкага), Джон (“Крывавая Мэры” Дз. Бойкі), Аляксей (“Піраміда Хеопса” Ю. Ломаўцава), Менахем (“Памінальная малітва” Р. Горына), Палоній, Аберон (“Гамлет”, “Сон у летнюю ноч” У. Шэкспіра), Гаспадар (“Саўдзельнік” І.В. Гётэ), Жорж (“Жахлівыя бацькі” Ж. Както), Люнгетран (“Жанчына з мора” Г.Ібсена), Фініган (“Гаральд і Мод” К. Хігінса і Ж.К. Кар’ера). З 1987 г. Мікалай Міхайлавіч выкладаў майстэрства акцёра ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Таксама ён быў мастацкім кіраўніком курса акцёраў драматычнага тэатра і кіно.

Мікалай Кірэчынка – стваральнік яркіх характараў-тыпаў. Яго акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладнасцю характарыстык, выразнасцю сцэнічнага малюнка вобраза.

На экранах акцёр дэбютаваў у 1972 г. –эпізодам у тэлевізійным камедыйным мюзікле "Пасля кірмашу", дзе яго экраннымі партнёрамі былі Людміла Сенчына і Міхаіл Пугаўкін.

Усяго на рахунку Кірычэнка некалькі дзесяткаў роляў, уключаючы Лаўрэнція Берыя ў "У жніўні 44-га ...", Іштвана ў серыяле "Каменская", Арчы ў "Чортавых ляльках".Зняўся ў "Алхіміках", "Паляванні на гаўляйтара", фільмах "Доктар Смерць" і "ПіраМММіда", серыялах "Паскораная дапамога", "Адваротны бок Месяца", "Жураў".

Лаўрэат прэміі Ігната Буйніцкага (1999 г.), Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2006), Ордэна Ламаносава (2006). Прызёр і лаўрэат міжнародных тэатральных і кінафестываляў.