Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 85-годдзя з дня нараджэння Саўчанкі Аркадзя Маркавіча

  • 06.04.2021

Аркадзь Маркавіч Саўчанка  – беларускі спявак (барытон). Народны артыст БССР і  СССР.

Нарадзіўся 6 красавіка 1936 у Віцебску. У 1960 годзе скончыў Маскоўскую кансерваторыю і стаў салістам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Беларусі.

Валодаў мяккім лірычным голасам своеасаблівага прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону, высокай вакальнай тэхнікай, майстэрствам сцэнічнага пераўвасаблення. Сярод партый нацыянальнага рэпертуару: Апанас і Фон Шолен («Алеся» Я. Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А. Туранкова), Лявон Бурак, Максім Багдановіч, Міхал («Калючая ружа», «Зорка Венера», «Новая зямля» Ю. У. Семянякі), Кізгайла («Сівая легенда» Д. Смольскага), Ляўчук («Сцежкаю жыцця» Г. Вагнера), Фаскары, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С. Картэса), Понцій Пілат («Майстар і Маргарыта» Я. Глебава); класічных і сучасных опер: Анегін, Ялецкі, Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Мізгір («Снягурачка» М. Рымскага-Корсакава), Януш («Галька» С. Манюшкі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж. Расіні), Марсель, Шарплес («Багема», «Чыо-Чыо-сан» Дж. Пучыні), Валянцін («Фаўст» Ш. Гуно), Эскамільё, Зурга («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж. Бізэ), Дон Жуан, граф Альмавіва («Дон Жуан», «Вяселле Фігаро» В. А. Моцарта), Рыгалета, граф ды Луна, Радрыга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Трубадур», «Дон Карлас», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж. Вердзі), Камісар («Брэсцкая крэпасць» К. Малчанава), Фердынанд, Андрэй Балконскі («Заручыны ў манастыры», «Вайна і мір» С. Пракоф'ева) і ішп. Выканаў партыі Адама ў тэлеоперы «Ранак» Вагнера, Яўхіма ў радыёоперы «Барвовы золак» К. Цесакова, Скарыны ў фільме-оперы «Францыск Скарына» Дз. Смольскага.

У канцэртным рэпертуары арыі з класічных і сучасных опер, рамансы, творы беларускіх кампазітараў, беларускія, рускія і ўкраінскія песні.

Памёр 6 ліпеня 2004 г.