Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка абразоў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь "Вернутыя каштоўнасці"

  • 29.04.2021

З 30 красавіка ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачынае працу выстаўка абразоў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Вернутыя каштоўнасці»   

Рэспубліка Беларусь – краіна, якая знаходзіцца на стратэгічных транзітных шляхах. Пасля стварэння 20 верасня 1991 г. нацыянальнай мытнай службы яе супрацоўнікам даводзіцца весці бескампрамісную барацьбу з арганізаванай злачыннасцю ў сферы кантрабанды гістарычных і культурных каштоўнасцей.

1990-я гады сталі часам інтэнсіўнага росту незаконнага вывазу прадметаў, якія складаюць нацыянальнае багацце Беларусі, Расіі, Украіны, краін СНД і інш. Тэндэнцыя была звязана з павышаным папытам у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, Злучаных Штатах Амерыкі, а таксама з непараўнальна нізкім унутраным коштам на гэтыя прадметы ў параўнанні з сусветнымі. На той час, напрыклад, мінімальны кошт абразоў XVI–XVII стст. на Захадзе складаў 50–60 тысяч даляраў.

На сённяшні дзень у свеце склаўся агромісты нелегальны рынак мастацкіх і гістарычных каштоўнасцей. Крадзёж твораў мастацтва і даўніны з музеяў, цэркваў, манастыроў, палацаў, замкаў, прыватных калекцый прыняў характар глабальнай праблемы. Зараз па даходнасці кантрабандны гандаль культурнымі каштоўнасцямі стаіць на другім месцы – адразу пасля гандлю наркотыкамі.

Супрацоўнікі беларускіх мытняў разам са сваімі калегамі з іншых краін удзельнічаюць у выратаванні культурнай і гістарычнай спадчыны, супрацьстаяць міжнароднай злачыннасці. Гісторыя барацьбы беларускіх мытнікаў з кантрабандыстамі поўная прыкладаў прафесійнага майстэрства, самаахвярнасці і кемлівасці. Кожны год яны затрымліваюць больш за тысячу прадметаў.

У фондах і экспазіцыях беларускіх музеяў ёсць прадметы, выратаваныя мытнікамі. З канца 1960-х гадоў па пачатак 2000-х Брэсцкай і Гродзенскай мытнямі, мытнямі Мінска, Нацыянальнага аэрапорта “Мінск-2” у Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь на пастаяннае захоўванне перададзена каля 400 ікон, невялікая частка якіх прадстаўлена на выставе “Вернутыя каштоўнасці”.