Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да дня нараджэння Станіслава Манюшкі

  • 05.05.2021

Выбітны кампазітар, аўтар першай беларускамоўнай оперы «Ідылія» («Сялянка», 1852), аперэт і балетаў, стваральнік польскай нацыянальнай оперы, класік вакальнай лірыкі Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 мая 1819 г. у фальварку Убель на Міншчыне. Вучыўся музыцы ў знакамітага мінскага педагога Дамініка Стэфановіча, пазней працягнуў навучанне ў Карла Фрыдрыха Рунгенхагена ў Берліне. Пасяліўся ў Вільні, дзе служыў арганістам касцёла Святых Янаў. Пазней Станіслаў Манюшка стварыў «Вастрабрамскія літаніі» і зборнік літургічных спеваў «Песні нашага касцёла».

Нягледзячы на тое, што Станіслаў Манюшка пакінуў Мінск юнаком, родны горад вабіў кампазітара. Тут праходзілі яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі: «Канторскія служачыя», «Латарэя», «Рэкруцкі набор». У салонах мінскай інтэлігенцыі XIX ст. гучала яго музыка, натхнёная беларускім фальклорам. Пазней кампазітар пераехаў у Варшаву, дзе стаў класікам польскай оперы, стварыўшы пятнаццаць опер, у тым ліку знакамітую «Гальку» (1848, 1858), «Слова гонару» («Verbum Nobile», 1861), «Страшны двор» (1865). У творчай спадчыне Манюшкі, акрамя опер, аперэт, рамансаў, кантат – больш за трыста песень на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота, У. Сыракомлі, А. Адынца, Т. Зана і іншых, аб'яднаных у дванаццаць «Хатніх спеўнікаў».
У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры жыццю і творчасці Станіслава Манюшкі прысвечана асобная зала.

З юбілейнага года кампазітара фонды Музея штогод папаўняюцца новымі экспанатамі.

У 2019 годзе ў рамках святкавання 200-годдзя з дня нараджэння Станіслава Манюшкі Музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пашчасціла папоўніць свае фонды карцінай «Паланэз» (1907) Яна Чэслава Манюшкі, прафесара Санкт-Пецярбургскай мастацкай акадэміі, сына славутага кампазітара. Твор быў закуплены за кошт спонсарскіх сродкаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь у прыватнага калекцыянера, дырэктара галерэі “Дар’ян” Мікалая Сечкі. Ён жа падараваў музею фотапартрэт Станіслава Манюшкі работы Варшаўскага фатографа Мелеція Дуткевіча, уладальніка фотаатэлье “Клох і Дуткевіч”.

Каштоўны падарунак музею зрабіў Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Мюнхене Кулажанка Андрэй Рыгоравіч. Унікальны музейны прадмет – альбом фартэпіяннай музыкі канца 19 – пач. 20 ст. папоўніў фонды філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры”.  У пераплёце, разам з творамі В.А.Моцарта, Л. ван Бетховена, 12 армейскімі маршамі, 10 кампазіцыямі для фартэпіяна А.Рубенштэйна, Ф.Шапэна, Ф.Шуберта, двумя паланезамі М.Кл.Агінскага,  знаходзіцца вальс мі-бемоль мінор з выдання “Тры вальсы”, першадрук Варшава, 1852 г. Ст.МанюшкіПрысвячэнне: Ангеліне Ронне з дому Ёдка.

Наведвальнікі нашага музея могуць пазнаёміцца з гэтымі ўнікальнымі экспанатамі на экспазіцыі, прысвечанай жыццю і творчасці Станіслава Манюшкі.