Стэфанія Міхайлаўна Станюта нарадзілася 13 мая 1905 г. у Мінску. Пачала свой акцёрскі шлях з Беларускай хаткі, якая адкрылася ў 1916 г. пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча. 22 снежня 1918 г. у Мінску з'явіўся Беларускі савецкі тэатр, у склад якога прынялі групу акцёраў Беларускай хаткі, сярод іх была і Стэфанія Міхайлаўна. Тэатр праіснаваў нядоўга, і сваю сцэнічную дзейнасць Стэфанія Станюта прадоўжыла ў 1919 г. у Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі.У 1921 г. у ліку здольнай моладзі Стэфанію Станюту накіравалі вучыцца ў Беларускую драматычную студыю ў Маскве, арганізаваную для беларускіх акцёраў (мастацкі кіраўнік – В. Смышляеў). Пасля адкрыцця Другога Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-2), у Віцебск начале са В. Смышляевым прыехалі пасля вучобы студыйцы, сярод якіх была С. Станюта. Сярод асноўных роляў, якія выканала Стэфанія Міхайлаўна ў БДТ-2 можна вылучыць: Венера (народная драма "Цар Максіміліян" у апрацоўцы А. Рэмізава і М. Міцкевіча), Тытанія ў спектаклі "Сон у летнюю ноч" У. Шэкспіра, Агава ("Вакханкі" Эўрыпіда) і іншыя. У 1931 г. С. Станюта пераходзіць у Першы Беларускі дзяржаўны тэатр у Мінску (БДТ-1), дзе яна стварыла шэраг народных характараў: беларускі рэпертуар – Марыля і Паланея ў спектаклях "Раскіданае гняздо", "Прымакі" Я. Купалы, Алена ў п'есе "Салавей" З. Бядулі, Ганна Пятроўна "Простая дзяўчына" К. Губарэвіча, Рыпіна "Плач перапёлкі" І. Чыгрынава, а таксама ў п'есах савецкай і замежнай драматургіі.
У гады вайны Стэфанія Міхайлаўна разам з тэатрам апынулася ў эвакуацыі ў Томску. Выступала на ваенных заводах, у ваенных частках і шпіталях. У яе рэпертуары з’явіліся вобразы жанчын-патрыётак – валявыя, апантаныя, натхнёныя, сярод якііх роля Вольгі (“ Душа Масквы ” Л. Нікуліна).
Пасля заканчэння вайны Стэфанія Станюта працягвала працаваць у тэатры і здымалася ў кіно. У яе фільмаграфіі такія кінастужкі, як: «Родная справа», «Памяць зямлі», «Белыя росы», «Трывожны месяц верасень», «Развітанне», «Радуніца», «Мама, я жывы» і многія іншыя. Удзельнічала артыстка таксама ў здымках тэлефільмаў і ў телеспектаклях. Стэфанія Станюта стала папулярнай за межамі рэспублікі пасля фільма Ларысы Шапіцька і Элема Клімава «Развітанне з Мацёрай», дзе выканала роль Дар'і.
Стэфанія Міхайлаўна да апошніх дзён свайго жыцця не сыходзіла са сцэны, прысвяціўшы любімаму тэатру без малога 70 гадоў жыцця. Памерла вялікая актрыса 6 лістапада 2000 года.
Стала традыцыяй, што ў дзень нараджэння выбітных дзеячаў беларускай культуры сям’я, сябры і дарадцы музея перадаюць у фонды асабістыя рэчы знакамітых акцёраў, спевакоў, кампазітараў і інш. Не стаў выключэннем і гэты год. 13 мая, у дзень нарадажэння Стэфаніі Станюты, яе ўнук, Дзмітрый Аляксандравіч, падараваў Музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры фотаздымкі С. Станюты ў ролях, сукенку і касынку знакамітай актрысы. Яны занялі сваё месца на экспазіцыі, у мемарыяльным пакоі Стэфаніі Міхайлаўны. Першыя наведвальнікі ўжо змаглі пазнаёміцца з новымі экспанатамі.
Музей працуе: з 11.00 да 19.00
Без выходных
Каса працуе: 11.00 – 18.30
Уваход наведвальнікаў: 10.00 – 18.30
Для дарослых:
Агляд экспазіцыі – 6 бел.руб.
Экскурсія – 7 бел.руб.
Для студэнтаў дзённай формы навучання:
Агляд экспазіцыі – 4 бел.руб.
Экскурсія – 5 бел.руб.
Для школьнікаў і навучэнцаў ССНУ:
Агляд экспазіцыі – 3 бел.руб.
Экскурсія – 4 бел.руб.
Для пенсіянераў:
Агляд экспазіцыі – 4 бел. руб.
Экскурсія – 5 бел.руб.
Прагляд міні-прадстаўлення
«Батлеечная інтэрмедыя» -
5 бел.руб. (групы да 25 чалавек)