Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да міжнароднага дня музеяў

  • 17.05.2021

           Да міжнароднага дня музеяў Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ўвазе наведвальнікаў па традыцыі прадстаўляе выстаўку з новых паступленняў у фонды. Гэта матэрыялы з архіва піяніста, хормайстра, дырыжора, Заслужанага дзеяча мастацтваў БССР —  Георгія Мікалаевіча Пятрова.

           Імя Георгія Мікалаевіча Пятрова займае адно з пачэсных месцаў у гісторыі музычнай культуры Беларусі. Георгій Пятроў нарадзіўся ў Маскве. Там жа ў 1905–1910 гг. займаўся музыкай у прафесараў Маскоўскай кансерваторыі К.М. Ігумнава і  А.Глена. Пасля атрымання дыплома малады музыкант быў запрошаны ў Адэскую кансерваторыю, дзе паспяхова сумяшчаў педагагічную работу на аддзяленні фартэпіяна з інтэнсіўнай канцэртнай дзейнасцю ў Расіі, Італіі і Германіі.

        У Беларусь музыкант прыехаў на пачатку 1920-х гг. Працаваў піяністам у тэатры пры Цэнтральным рабочым клубе Гомеля і адначасова выкладаў у музычнай школе. З 1927 г. з’яўляўся педагогам і канцэртмайстрам опернага класа Мінскага музычнага тэхнікума (цяпер Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.І. Глінкі), у 1930–1933 гг. працаваў хормайстрам і канцэртмайстрам Беларускай дзяржаўнай студыі оперы і балета. Пасля рэарганізацыі студыі ў Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь) Георгій Пятроў удала спалучаў пасады дырыжора сімфанічнага аркестра, хормайстра і канцэртмайстра, кіраваў пастаноўкай балетаў «Чырвоны мак» Р. Гліэра (1933), «Дон Кіхот» Л. Мінкуса (1946) і інш.

         У гады Вялікай Айчыннай вайны быў эвакуіраваны ў Казахстан, дзе працаваў у тэатры оперы і балета імя Абая (цяпер Казахскі дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Абая, г. Алма-Ата).

         Пасля заканчэння вайны Георгій Пятроў вярнуўся ў Беларусь і прадоўжыў працу ў тэатры оперы і балета і адначасова ўзначальваў кафедру спецыяльнага, а потым агульнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). У якасці канцэртмайстра Г. Пятроў працаваў з опернымі спевакамі Л. Александроўскай, М.Ворвулевым, М. Дзянісавым, І. Балоціным, С. Друкер, скрыпачом А. Бяссмертным.

         Плённая дзейнасць Георгія Мікалаевіча Пятрова была адзначана ганаровымі званнямі: «Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР» (1949), «Заслужаны артыст Казахскай ССР» (1942), ордэнам «Знак Пашаны» (двойчы).

         Матэрыялы з архіва Георгія Мікалаевіча  выстаўляюцца ўпершыню. Яны былі перададзены нашаму музею пляменнікам хормайстра Генадзем Васільевічам Нікалаеня. Сюды ўвайшлі дыпломы, шматлікія граматы, праграмы, фотаздымкі і іншае. Усіх жадаючых дакрануцца да творчасці Г. М. Пятрова сардэчна запрашаем у музей!