Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка «Мастацкія вобразы Тэатра юнага гледача»

  • 06.09.2021

З 6 верасня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пачала працу выстаўка творчых прац мастачкі ТЮГа Дар’і Волкавай і графічнага дызайнера Марыны Кражавай «Мастацкія вобразы Тэатра юнага гледача».      

Маладая мастачка, графічны дызайнер Марына Кражава ўжо амаль тры гады працуе з айдэнтыкай ТЮГа, стварае тэатральныя плакаты, дызайн-макеты праграмак і іншай рэкламнай прадукцыі тэатра. У 2018 годзе Марына скончыла Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «камунікатыўны дызайн».

«Я дадала ў экспазіцыю плакаты, якія рабіла ў розных тэхніках. Прыкладам, трыпціх «Казачны гай» – серыя плакатаў, выкананых у традыцыйнай плакатнай тэхніцы, зробленых на падставе ручной графікі з дадаткамі камп’ютарнай. Увесь працэс быў даволі крапатлівы і заняў каля месяца. А серыя да шэрагу спектакляў праекта «Сустрэчы з класікамі і сучаснікамі» – наадварот, цалкам зробленая на аснове фотаздымкаў у лічбавым фармаце…», – распавядае Марына Кражава пра сваю частку экспазіцыі.

Дар'я Волкава служыць мастаком-пастаноўшчыкам Тэатра юнага гледача з 2011 года; скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «тэатральна-дэкаратыўны жывапіс» (2000). Сваёй творчай працай Дар’я зрабіла вялікі асабісты ўнёсак у развіццё тэатра, неаднаразова яе вырашэнні адзначалі калегі і тэатральныя крытыкі.

Праз свой першы тюгаўскі спектакль мастачка Волкава вылучылася як канструктар і ў чымсьці нават архітэктар, бо давялося працаваць не ў звыклым асяродку з кулісамі, а на адкрытай (без закулісся) пляцоўцы вялікага фае: дасціпна абсякаць стандартную простакутную прастору, надаючы ёй нейкае падабенства да арэны, абыгрываць столь, нацягнутую на тросах – яна прыкрывала купал, а таксама вынаходзіць шмат фантастычных механічных прыстасаванняў клокпанкавага стылю – для таго, каб падтрымліваць тэмпа-рытм, заняць персанажам рукі і падкрэсліць цяжкую бессэнсоўнасць іх намаганняў («Нататкі вар’ята» паводе Мікалая Гогаля, 2009). Дэбют стаўся ўдалы.

На выстаўцы будуць прадстаўленыя сцэнічныя касцюмы і эскізы, макеты спектакляў («Казкі дзядзькі Якуба», «Муха-цакатуха», «Мая маленькая чарадзейка» і інш.), дызайн-праекты тэатральных плакатаў да разнастайнай друкаванай прадукцыі, якая суправаджае пастаноўкі бягучага рэпертуару. 

 Встаўка працягнецца з 06.09 па 04.10.2021 г.