Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Люстэрка сцэны"

  • 09.11.2021

З 11 лістапада ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры распачнецца выстаўка Таццяны Мацэвіч “Люстэрка сцэны”.

"Люстэрка сцэны" – так назвала сваю выстаўку сцэнограф Таццяна Мацэвіч. Вам здаецца, што гэта паэтычны вобраз, створаны мастаком? І так, і не. Дакладней, не толькі…

Люстэрка сцэны – такім прафесійным тэрмінам у тэатры абазначаюць умоўную партальную рамку таго кадра, які бачыць глядач. І мастак, ствараючы сцэнаграфію, упісвае свой уяўны сцэнічны малюнак менавіта ў люстэрка сцэны. У сцэны кожнага тэатра гэтае люстэрка рознае, яно непаўторнае.

“Люстэрка сцэны” – гэта тая містычная прастора, дзе сустракаюцца два згусткі энергіі, дзе энергія залы гледачоў і спектакля злучаюцца разам, і здараецца цуд, які мы называем «тэатр».

"Люстэрка сцэны" – гэта містычны партал, у які ўваходзяць мастакі і рэжысёры, ствараючы спектакль.

Мацэвіч Таццяна Янушэўна нарадзілася 22 студзеня 1976 г. у Мінску. У 1994 г. скончыла мастацкі ліцэй №26 пры Беларускай акадэміі мастацтваў, аддзяленне графікі (майстэрня Карповіч А.А.), у 1994–2000 гг. атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларускай акадэміі мастацтваў на факультэце жывапісу па спецыяльнасці "Сцэнаграфія" (майстэрня Б.Ф. Герлавана). З 2000 да 2004 г. і з 2005 г. па сённяшні дзень – галоўны мастак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра (у 2004 г. – галоўны мастак рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі). З 1999 г. удзельніца Рэспубліканскіх і міжнародных выставак, лаўрэат конкурсаў і прэмій, з 2016 г. – член Беларускага саюза мастакоў.

На выставе будуць прадстаўлены макеты дэкарацый, эскізы дэкарацый і касцюмаў, узоры касцюмаў, а таксама фотаэкспазіцыі спектакляў.