Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 85-годдзя з дня нараджэння Марыі Захарэвіч

  • 27.11.2021

Марыя Захарэвіч – народная артыстка Беларусі, прыма Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.Нарадзілася 28 лістапада 1936 года ў вёсцы Навасёлкі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

У 1957 годзе скончыла акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці "Актрыса драматычнага тэатра і кіно" (курс народнага артыста БССР К.М.Саннікава). Працуе ў тэатры з 1957 года.

Ганаровая ўдзельніца вечарын Паэтычнага тэатра «Арт. С». Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці (2012).

У 2007 годзе рэжысёр Сяргей Лук’янчыкаў зняў пра Захарэвіч дакументальны фільм «Аб чым баліць душа».

Ёю створаны незабыўныя вобразы Галі Жураўкі ў спектаклі "Пакуль вы маладыя" паводле Івана Мележа, Зосі Савіч у пастаноўцы "Сэрца на далоні" Івана Шамякіна і многія іншыя. З удзелам Марыі Захарэвіч былі зняты кінафільмы "Я - Францыск Скарына", "Людзі на балоце", "Трывожнае шчасце", "Хам", "Ясь і Яніна", "Нядзельная ноч", ставіліся тэле- і радыёспектаклі.

Актрыса прызнавалася, што найбольш блізкія ёй ролі жанчын са складанымі, драматычнымі лёсамі - "ролі, над якімі трэба працаваць, думаць".

У 1977 годзе ёй было нададзена званне народнай артысткі Беларусі. За ўдзел у радыёпастаноўках "Рыбакова хата" і "Хамуціус" у 1984 годзе актрыса была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі Беларусі. За вялікія творчыя поспехі і заслугі ў развіцці беларускага тэатральнага мастацтва Марыя Захарэвіч узнагароджана ордэнам Дружбы народаў і медалём Францыска Скарыны. З'яўляецца ўладальніцай "Хрустальнай Паўлінкі - 2004", медаля Святога Роўнаапостальнага Кірылы Тураўскага, прыза Беларускага саюза кінематаграфістаў "За адданасць кінамастацтву".

Доўгі час артыстка з'яўляецца педагогам сцэнічнай мовы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Прымае актыўны ўдзел у журы розных тэатральных фестываляў. Апошнім часам займаецца рэжысурай. Ажыццявіла пастаноўкі "Апошняя ахвяра" Аляксандра Астроўскага, "Харакцёры" Васіля Шукшына, эксперыментальны спектакль "Я не пакіну цябе".

У музеі захоўваюцца фотаздымкі сцэн са спектакляў. Частку з іх кожны наведвальнік можа пабачыць у пастаяннай экспазіцыі.