Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка па выніках конкурсу на суісканне прэміі імя І.М.Ушакова за лепшую сцэнаграфію прэм’ернага спектакля тэатральнага сезона 2020-2021

  • 23.03.2022

25 сакавіка пачынае працу выстаўка па выніках конкурсу на суісканне прэміі імя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі І.М.Ушакова за лепшую сцэнаграфію прэм’ернага спектакля тэатральнага сезона 2020-2021

 Іван Міхайлавіч Ушакоў – знакаміты беларускі мастак-сцэнограф, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі. Яго творчасць – яскравая старонка ў развіцці беларускага тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва. За час сваёй творчай дзейнасці ён аформіў звыш 40 спектакляў.

Па ініцыятыве ўдавы мастака Зоі Данілаўны Ушаковай сумесна з Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і грамадскім аб’яднаннем «Беларускі фонд культуры» у 2000 годзе была заснавана штогадовая прэмія імя І.М.Ушакова.

У гэтым годзе ўдзел у конкурсе прынялі 4 тэатры. Беларускі тэатр “Лялька” прадставіў сцэнаграфію Дзмітрыя Гаралевіча да спектакля “Ох і залатая табакерка”. Брэскі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі прадставіў Мікалай Паўтарака са спектаклем “Алеся” А.Купрына. Прынялі ўдзел таксама Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск) са спектаклем “Золушка” па казцы Ш.Перо (мастачка Вольга Машкова) і Новы драматычны тэатр г. Мінска з “Нобелеўскім тыднем” В.Пепеляева (мастачка Лідзія Малашэнка ).

Па выніках журы, паседжанне якога адбылося 22 сакавіка, пераможцам стаў мастак Беларускага тэатра “Лялька” Дзмітрый Гаралевіч. Ганаровымі граматамі Беларускага фонда культуры узнагароджваюцца Вольга Машкова (Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча) і Лідзія Малашэнка (Новы драматычны тэатр г. Мінска). Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 25 сакавіка а 14-й гадзіне ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

На выстаўцы можна пазнаёміцца са сцэнаграфіяй, прадстаўленай мастакамі для конкурсу.