Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Рамэа і Джульета:фантазія мастака рукамі дэкаратараў"

  • 26.04.2022
Прэм’ера спектакля «Рамэа і Джульета» ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача адбылася 25 красавіка 2018 г. Разам з рэжысёрам спектакля Уладзімірам Савіцкім Ларыса Ільінічна заглыбілася ў гісторыю Уільяма Шэкспіра і кантэкст яе існавання, распрацавала макет спектакля, зрабіла эскізы касцюмаў і бутафорыі.

Выстаўка «Рамэа і Джульета: фантазія мастака рукамі дэкаратараў» прадстаўляе асобу Ларысы Рулёвай, яе ўважлівае стаўленне да кожнай дэталі і вялікі досвед, а таксама пераканаўча адлюстроўвае прафесійнасць і таленты майстроў-дэкаратараў ТЮГа, якія працавалі над спектаклем.

Ларыса Ільінічна Рулёва працуе ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача з 1980 г. у якасці мастака-пастаноўшчыка, два гады таму адзначыла 40-годдзе працы ў сценах ТЮГа. За гэты час па яе эскізах з’явіліся дэкарацыі і касцюмы больш як да сотні спектакляў. Акрамя таго, Ларыса Ільінічна зрабіла важкі ўнёсак у распрацоўку і рэалізацыю праектнага рашэння па рэстаўрацыі Тэатра юнага гледача (2010-2015 гг.), адаптацыі на абноўленай сцэне спектакляў бягучага рэпертуару.

Творчая праца Ларысы Ільінічны – вялікі асабісты ўнёсак у развіццё ТЮГа. Спектаклі, створаныя па яе эскізах, з’яўляюцца сапраўдным узорам для маладых і ўжо дасведчаных мастакоў-пастаноўшчыкаў.

Выстаўка адлюстроўвае ўсе працэсы падрыхтоўкі спектакля мастаком і дэкаратарамі: ад эскізаў і макетаў да гатовых касцюмаў, элементаў дэкарацый сцэны і рэквізіту.

 

 

Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.