Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 85-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Мілаванава Аўгусціна Лазаравіча.

  • 16.06.2022
Нарадзіўся акцёр 16 чэрвеня 1937 г. у Сталінградзе. У 1961 г. скончыў акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), курс народнага артыста БССР Д. А. Арлова. Пачынаў свой творчы шлях у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Але самыя знакавыя і цікавыя ролі былі сыграны ім у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Акрамя работы ў тэатры А. Мілаванаў шмат здымаўся ў кіно, на тэлебачанні, займаўся рэжысёрскай практыкай у любіцельскіх тэатрах.

Выконваў драматычныя вострахарактарныя ролі, у яго рэпертуары шмат адмоўных персанажаў – гэта ворагі ці найчасцей людзі маральна спустошаныя, цынічныя, здатныя на здраду, прыстасаванцы. Аўгусцін Мілаванаў выконваў іх з лёгкасцю і абаяннем, знаходзіў псіхалагічнае апраўданне іх паводзін, ствараў характары шматзначныя: Неугаз (“Канстанцін Заслонаў” А. Маўзона), доктар Маер (“Апошні шанц” В. Быкава), Стыў Гордан (“Футбол” Дж. Кантэна і П. Белака).

Выконваў А. Л. Мілаванаў і ролі герояў: Еўдакімаў (“Яшчэ раз пра каханне!” Э. Радзінскага), Міхась Груя (“Святая святых” І. Друцэ), Філіп Круглы (“Гросмайстэрскі баль” паводле І. Штэмплера). Сярод гэтых роляў асабліва вылучаўся яго Зурыко (“Я, бабуся, Ілько і Іларыён” Н. Думбадзэ і Р. Лордкіпанідзэ).

Аўгусцін Мілаванаў вабіў непасрэднасцю, душэўнай адкрытасцю, дабрыней. З найбольш значных работ апошніх гадоў – Тэуе (“Памінальная малітва” Р. Горына паводле твораў Шолам-Алейхема), у ролі якога Мілаванаў раскрыў разнастайную гамму пачуццяў, душэўных перажыванняў, філасоўскага роздуму. Не менш цікавая роль Ромула (“Ромул Вялікі” Ф. Дзюрэнмата), якая сыграна ва ўласцівай акцёру інтэлектуальна-іранічнай манеры. Вялікую папулярнасць атрымалі ролі Прэзідэнта (“Каварства і каханне” Ф. Шылера), Крэонт (“Антыгона” паводле Ж. Ануя і Сафокла), якія былі пастаўлены ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача.

З іншых роляў: Амількар (“Месье Амількар, або чалавек, які плаціць” І. Жаміяка), Праспера (“Бура” У. Шэкспіра), Арнхольм (“Жанчына з мора” Г. Ібсена), Тоні (“Ноч памылак” О. Голдсміта), Дэ Манлюкар (“Лесвіца славы” Э. Скрыба), Кудраш (“Навальніца” А. Астроўскага), Арцыбіскуб (“Князь Вітаўт” А. Дударава).

У фондах музея і на пастаяннай экспазіцыі захоўваюцца фотаздымкі сцэн са спектакляў, у якіх прымаў удзел Аўгусцін Мілаванаў.