Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы “Паўлінка”

  • 05.07.2022

З 6 ліпеня пачынае працу выстаўка да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы “Паўлінка”.

 Станаўленне і развіццё беларускай літаратуры і тэатра непарыўна звязана з іменем народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Цяжка пераацаніць той уплыў, які аказала яго творчасць на развіццё беларускага прафесійнага тэатральнага мастацтва. Створаная Я. Купалай камедыя Паўлінка” адыграла выключную ролю ў жыцці тэатраў.

Упершыню “Паўлінка” была пастаўлена 27 студзеня 1913 г. у Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком. 9 лютага 1913 г. адбылася пецярбургская прэм’ера камедыі, ажыццёўленая Беларускім навукова-літаратурны гуртком. У падрыхтоўцы спектакля актыўны ўдзел браў сам Я. Купала. Галоўную ролю выконвала Паўліна Мядзёлка.

Першы на Беларусі паказ “Паўлінкі” прайшоў 15 жніўня 1913 г. У гэты дзень ў Радашковічах спектакль быў сыграны трупай пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча. “Паўлінка” была паказана ў Бабруйску, Магілёве, Оршы і Слуцку.

У рэпертуары БДТ-1 “Паўлінка”, у пастаноўцы Ф.Ждановіча, з’явілася ў верасні 1920 г., неўзабаве пасля афіцыйнага адкрыцця тэатра (пазней спектакль дапрацоўваў Е. Міровіч). У 1921 г. у Мінску “Паўлінку” паставіла Трупа беларускіх артыстаў, якой кіраваў Ул.Галубок.

У 1944 г. БДТ-1 паставіў “Паўлінку” у г.Томску (рэжысёр Л. Літвінаў, мастак Б. Малкін). У спектаклі былі заняты лепшыя сілы тэатральнага калектыву – Б. Платонаў, Г. Глебаў, Л. Ржэцкая, У. Дзядзюшка, В. Пола, І. Шаціла, Р. Кашэльнікава. Цудоўнае акцёрскае выкананне, яркі каларыт спектакля, маляўнічыя нацыянальныя песні і танцы – усё выклікала захапленнне гледачоў. А папоўніць галерэю неўвядальных Паўлінак у тэатры лічылася за гонар. Даўно стала традыцыяй адкрываць “Паўлінкай” новыя тэатральныя сезоны.

На выстаўцы прадстаўлены: друкаваныя творы Янкі Купалы (1-е і 2-е выданні “Паўлінкі”), рукапісы паэта, фотаздымкі П. Мядзелкі і яе асабістыя матэрыялы, афішы, эскізы касцюмаў, мемарыяльныя рэчы акцёраў.

Выстаўка стане дапаўненнем тэмы на пастаяннай экспазіцыі.

 

Уваход на выстаўку па квітку на пастаянную экспазіцыю музея.