Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 100-годдзя з дня нараджэння народный артысткі Беларусі Лідзіі Іванаўны Галушкінай

  • 15.06.2023

Нарадзілася 15 чэрвеня 1923 года ў г. Іванава (Расія). У 1950 годзе закончыла Маскоўскую кансерваторыю (клас Ф. Пятровай). З 1951 па 1981 годпрацавала салісткай Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Адначасова з 1974 года выкладала ў Беларускай акадэміі музыкі.

Лідзія Галушкіна выканала шмат партый у оперных творах беларускіх кампазітараў. Першай вялікай творчай удачай спявачкі стала роля галоўнай гераіні ў оперы «Надзея Дурава» А. Багатырова (1956). Яе выкананне было драматычна насычаным і сцэнічна яркім. Сярод іншых партый - Мальвіна з оперы «Калючая ружа» Ю. Семянякі (1960), Вераніка ў спектаклі «Зорка Венера» Ю. Семянякі (1970), Алеся ў оперы «Алеся» Я. Цікоцкага (1967).

Прызнанне тэатральнай грамадскасці мелі ролі спявачкі ў класічным і савецкім рэпертуары. Высокае вакальна-акцёрскае майстэрства Л. Галушкіна прадэманстравала ў ролі Амнерыс з оперы «Аіда» Дж. Вердзі (1953). Свабода паводзін на сцэне, лёгкасць і тэхнічная рухавасць спеваў артысткі стваралі сцэнічна прывабнае аблічча персанажа.

Вобраз Кармэн у оперы Ж. Бізэ (1968), які меў даўнюю выканальніцкую традыцыю ў Беларусі, атрымаў цікавае і неардынарнае развіццё дзякуючы Лідзіі Галушкінай, якая паказвала сваю гераіню не ўладарнай, моцнай натурай, а перш за ўсё падкрэслівала яе жаноцкасць. Выкананню спявачкі былі ўласцівы лёгкасць, какетлівасць, тэмпераментнасць.

      Трэба вылучыць і іншыя ролі Лідзіі Іванаўны: Любаша («Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага), Графіня («Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Азучэна, Ульрыка («Трубадур», «Баль-маскарад» Дж. Вердзі), Аксіння («Ціхі Дон» І. Дзяржынскага) і інш.

Лідзія Галушкіна валодала яркім, прыгожым голасам, вялікай эмацыянальнасцю, здольнасцю да сцэнічнага пераўвасаблення. Найбольш блізкія ёй былі гераіні з моцнымі характарамі, драматычным і трагічным лёсам. Спявачка стала першай выканаўцай многіх камерных твораў беларускіх кампазітараў. Гастраліравала ў Венгрыі, Балгарыі і іншых краінах.

Памерла 11 лістапада 2009 года.