Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 120-годдзя з дня нараджэння народнага артыста БССР Аляксандра Фёдаравіча Кістава

  • 07.09.2023

Нарадзіўся 7 верасня 1903 года ў горадзе Царыцына (цяпер Валгаград), Расія ў сям'і грузчыка. З 9 гадоў вымушаны быў ісці на самастойны заробак: прадаўцом газет, накладчыкам у пераплётна-друкаванай майстэрні, рассыльны ў трамвайным парку, пасля пераведзены ў перапісчыкі.

З чэрвеня 1920 года пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію.

З 1925 па 1927 гг. - студэнт Ленінградскага інстытута сцэнічных мастацтваў акцёрскага аддзялення. Пасля заканчэння інстытута Аляксандр Фёдаравіч некалькі гадоў працаваў у Ленінградскіх тэатрах, а ў 1932 годзе з'ехаў працаваць у Куйбышаўскі тэатр. Тут ён быў дырэктарам і артыстам.

У Маскве арганізоўваўся Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР, мастацкім кіраўніком якога быў прызначаны народны артыст БССР Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў. У 1944 годзе Аляксандра Фёдаравіча Кістава запрашаюць у Тэатр у якасці акцёра і дырэктара. Тэатр некаторы час працаваў у Магілёве і Гродне, а ў 1947 годзе перавёўся ў Мінск. Найбуйнейшыя акцёрскія дасягненні А.Ф.Кістава ў гэтым тэатры – гэта ролі Атэла і Караля Ліра ў аднайменных спектаклях Ул. Шэкспіра. У апошняй узрушаў нават знаўцаў Шэкспіраўскага тэатра.

Багаты і яркі класічны рускі рэпертуар: Іван Шуйскі (“Цар Фёдар Іаанавіч” А.К.Талстога), Астраў (“Дзядька Ваня” А.Чэхава), Ванюшын (“Дзеці Ванюшына” С.Найдзёнава), Радазубаў (“Варвары” М.Горкага) і іншыя.

Аляксандр Фёдаравіч Кістаў - акцёр буйнога маштабу, здольны ўзнімацца на вяршыні драматычнага сцэнічнага мастацтва. Меў ад прыроды магутны голас, велічную постаць, пластычную выразнасць і вулканічны тэмперамент, якія спалучаліся з высокім прафесійным майстэрствам. Выконваў востракамедыйныя і характарныя ролі з каларытнымі бытавымі рысамі.

А. Ф. Кістаў пайшоў з жыцця 14 мая 1960 года і быў пахаваны на Усходніх (Маскоўскіх) могілках г.Мінска.