Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 80 годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Шыпілы Яўгена Патафеевіча.

  • 07.10.2023

7 кастрычніка 2023 года адзначаецца 80 год з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Шыпілы Яўгена Патафеевіча.

Шыпіла  Яўген Патафеевіч беларускі акцёр, народны артыст Беларусі (1984)  нарадзіўся 7 кастрычніка 1943, в. Відокі, Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць. У дзяцінстве ўдзельнічаў у самадзейнасці Верхнядзвінскага раённага дома культуры.  Юнаком займаўся камсамольскай работай, а ў вольны час самадзейнасцю – чытаў вершы, іграў ролі ў драматычных спектаклях. Таленавітага  Яўгена  заўважылі і запрасілі працаваць загадчыкам Відоцкага сельскага клуба, а потым накіравалі ў Мінск на курсы па падрыхтоўцы работнікаў культуры.

У 1967 г. Я. Шыпіла паспяхова вытрымаў экзамены і быў залічаны ў тэатральную студыю пры Беларускім дзяржаўным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа).  Спачатку іграў у спектаклях у масоўцы, але ў хуткім часе Я. Шыпіла атрымаў сваю першую ролю – сакратара Саўнаркама Гарбунова ў п’есе М. Шатрова “Шостае ліпеня”, а пасля спектакля “Званок у пустую кватэру” па п’есе Д. Угрумава яго прынялі ў асноўны састаў тэатра.

У яго творчасці жыццёвая праўда, шчырасць і арганічнасць сцэнічнага існавання, сакавіты народны гумар спалучаліся з глыбокім пранікненнем у псіхалагічную сутнасць характараў; у лепшых вобразах імкненне да мастацкага абагульнення. Найбольш значныя ролі стварыў у беларускім нацыянальным рэпертуары: дзед Курыла («Сымон-музыка» паводле Я. Коласа), Іван Швед («Таблетку пад язык» А. Макаёнка), Несцерка («Несцерка» B. Вольскага), Андрэй Буслай, Мульцік («Парог», «Вечар» А. Дударава), Канстанцін Заслонаў («Паядынак» М. Матукоўскага).

Сярод роляў у класічным і сучасным рэпертуары: дзядзька Ваня («Дзядзька Ваня» А. Чэхава), Шпёкін («ЧП-1», «ЧП-2» паводле «Рэвізора»М. Гогаля), Глостэр («Кароль Лір» У. Шэкспіра), Кірпаты («Энергічныя людзі» B. Шукшына), Ягор Палушкін («Не страляйце ў белых лебедзяў» паводле Б. Васільева), Кісцераў («Тры мяшкі засмечанай пшаніцы» паводле У. Цендракова), Стары («Шчаслівае здарэнне» C. Мрожака), Бацька («Жанна» паводле «Жаваранка» Ж. Ануя), сват Капкаліс («Клеменс» К. Саі), Глакуна («Закон вечнасці» паводле Н. Думбадзэ).

Яўген Шыпіла актыўна працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм” і тэлебачанні. З яго ўдзелам выйшла некалькі фільмаў – “Новая зямля” (1982), “На зыходзе дня”, “Паядынак” (1984), “Маці ўрагану” (1990), “Адна ноч” (1990), “Чырвоны востраў” (1991), “Будулай, якога не чакаюць” (1994).

Памёр 28 лістапада 1999 года ў вёсцы Свяціца, Верхнядзвінскага раёна.