Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 95-годдзя з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі Галіны Арловай

  • 30.11.2023

30 лістапада 2023 года Галіне Аляксандраўне Арловай, народнай артысцы Беларусі споўнілася б 95 год.

Жонка народнага артыста Беларусі  Мікалая Мікалаевіча Яроменкі, маці народнага  артыста Расіі Мікалая Мікалаевіча Яроменкі (малодшага).

Нарадзілася Галіна Аляксандраўна  у г. Віцебску.

У 1948 годзе скончыла студыю Беларускага тэатра імя Якуба Коласа і была залічана ў трупу гэтага тэатра.  Дэбютавала ў ролі Раберты (“Закон Лікурга” паводле Т. Драйзера), потым выконвала ролі рознага плана. Сярод іх вылучалася роля Афеліі ў спектаклі “Гамлет”  У. Шэкспіра. Гэты спектакль увайшоў у гісторыю беларускага тэатра як адзін з лепшых узораў глыбокага і дакладнага ўвасаблення класічнага твора. Пэўная заслуга ў гэтым належала і маладой актрысе Галіне Арловай, якая стварыла яркі, запамінальны сцэнічны вобраз. Работа ў тэатры імя Якуба Коласа – плённы перыяд у творчасці актрысы, дзе і вызначыліся асноўныя рысы яе таленту: эмацыянальнасць, псіхалагічная глыбіня ў спасціжэнні характару, пластычная і моўная выразнасць.

3 1959 года Галіна Аляксандраўна працуе ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Першая роляю на сцэне гэтага тэатра, стала роль Кацюшы Маславай («Уваскрэсенне» паводле Л. Талстога). Большасць роляў Галіны Арловай на купалаўскай сцэне пазначаны пошукам дакладных сродкаў акцёрскай выразнасці для глыбокага і арыгінальнага ўвасаблення аўтарскай задумы. Сярод дасягненняў – Маша («Жывы труп»

Л. Талстога), Алена («Жаніцьба Бялугіна» А. Астроўскага і М. Салаўёва), Васіліса («На дне» М. Горкага), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М. Гогаля), Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф. Дастаеўскага), Кукушкіна («Даходнае месца» А. Астроўскага), Ірына («Веру ў цябе» В. Карастылёва), Кудрыцкая («Брама неўміручасці» К. Крапівы), Кісялёва («Характары» паводле В. Шукшына), Эма Герберт («Бераг» паводле Ю. Бондарава). Яркае камедыйнае майстэрства, багаты арсенал акцёрскіх магчымасцяў выявіла Галіна Арлова ў ролі Грыпіны («Мікітаў лапаць» М. Чарота ў спектаклі «Ажаніцца – не журыцца»). Глыбока нацыянальны характар беларускай сялянкі Зуйчыхі яна паказала ў спектаклі «Страсці па Аўдзею» У. Бутрамеева.

Асобнае месца ў творчасці Арловай заняла роля  Патрык  Кэмпбэл  у спектаклі “Мілы ілгун” паводле Дж. Кілці. Яна патрабавала ад выканаўцы выключнага майстэрства, тонкага мастацкага густу. Поспеху ў стварэнні сцэнічнага вобраза англійскай актрысы, сапраўднай прымы садзейнічала тое, што яе партнёрам быў М. Яроменка-старэйшы. Ён выконваў ролю Джорджа Бернарда Шоу. Ігра гэтай бліскучай “зорнай” і сямейнай пары стварала на сцэне асаблівую атмасферу духоўнай гармоніі двух прыгожых людзей, з’яўлялася прыкладам высокага акцёрскага натхнення і надзвычайнай душэўнай чуласці. Спектакль “Мілы ілгун” на працягу некалькіх гадоў ішоў пры поўных аншлагах на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра. Апошні раз гледачы ўбачылі яго 27 чэрвеня 2000 г.: праз тры дні Мікалая Яроменкі не стала, а ў 2001 г. Галіна Арлова пахавала сына –

М. Яроменку-малодшага, народнага артыста Расіі.На пачатку 2003 г. аматары тэатра зноў сустрэліся з Патрык Кэмпбэл у бліскучым выкананні Галіны Аляксандраўны Арловай у адноўленым спектаклі “Мілы ілгун”, прысвечаным памяці яе мужа.

У 1989 годзе ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, званне народнай артысткі атрымала ў 1991 годзе.

Памерла  20.08.2021 года.Пахавана на Усходніх могілках Мінска, побач з мужам і сынам.