Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 115-годдзя з дня нарадэння народнай артысткі Беларусі Ганны Браніславаўны Абуховіч

  • 05.12.2023

Нарадзілася Ганна Абуховіч 5 снежня 1908 года ў Маскве. Дзяцінства прайшло ў сірочых прытулках. Умовы былі цяжкія. Яна пачала вучыцца ў школе рабочай моладзі, перасялілася ў інтэрнат. Адначасова займалася ў гуртку мастацкай самадзейнасці, захаплялася літаратурай, кіно і асабліва тэатрам. Па накіраванні паступіла ў Ленінградскі кааператыўны інстытут, дзе асвоіла прафесію бухгалтара. Але цяга да акцёрскай прафесіі прывяла дзяўчыну на курсы «Кіно-Поўнач» па падрыхтоўцы акцёраў, якія скончыла ў 1929 г. У гэтым жа годзе адбыўся дэбют Ганны Браніславаўны ў кіно на кінастудыі «Белдзяржкіно». Яна сыграла камсамолку-работніцу ў фільме «Рубікон». Кінематаграфічная кар'ера складвалася ўдала. Ганну Абуховіч ахвотна запрашалі на здымкі. У 1930 г. пачала сцэнічную дзейнасць у студыі Маскоўскага тэатра рабочай моладзі. З 1933 г. працавала ў Рэалістычным тэатры, дзе бліскуча выканала ролю Сонькі ў славутым спектаклі «Арыстакраты» М. Пагодзіна.

З 1937 г. творчая дзейнасць Г. Абуховіч звязана з Дзяржаўным рускім драматычным тэатрам Беларусі. Актрыса пачала іграць шматлікія ролі самага рознага плана – драматычныя, камедыйныя, трагедыйныя, вострахарактарныя.

У 1940 г. Г. Абуховіч стала заслужанай артысткай БССР. Яна актыўна прымала ўдзел у новых пастаноўках, але Вялікая Айчынная вайна перапыніла сцэнічную дзейнасць актрысы. У 1943 г. было прынята рашэнне аднавіць работу тэатра ў якасці франтавога. Праз год калектыў вярнуўся ў Беларусь. У 1944 г. Г. Абуховіч было прысвоена ганаровае званне «Народная артыстка БССР».

За доўгае творчае жыццё ўвасобіла больш за 100 цікавых жаночых вобразаў,сярод якіх ­– Паліна («Мачыха» А.Бальзака), Ларыса («Беспасажніца» А.Астроўскага), Дзіяна («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Ганна Карэніна («Ганна Карэніна» Л.Талстога),цётухны Руцэ («Птушкі нашай маладосці» І. Друцэ), Ганны («Апошні тэрмін» паводле В. Распуціна), Маша («Тры сястры» А. Чэхава), Ганерылья («Кароль Лір» У. Шэкспіра), Царыца Ірына («Цар Фёдар Іаанавіч» А. Талстога), Матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б. Брэхта). Успектаклях па п’есах беларускіх аўтараў Г. Абуховіч сыграла Надзею Пятроўну («Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча), Ірыну Чайку («Песня нашых сэрцаў» В. Палескага), Міхаліну Матулевіч («Трывога» А. Петрашкевіча) і інш.

Пасля завяршэння акцёрскай кар'еры Г. Абуховіч напісала кнігу ўспамінаў «Паўвека на сцэне» (1987), дзе расказвае пра свае больш значныя ролі, цікавыя сустрэчы з гледачамі, калектыў і гісторыю тэатра.

Памерла 13 лістапада 1986 года.

У 2012 г. у Мінску на доме, дзе яна жыла, устаноўлена мемарыяльная дошка.