Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 105 - годдзя з дня нараджэння Канапелька Зінаіды Ігнатаўны

  • 25.12.2023

25 снежня 2023 года народнай артыстцы Канапелька Зінаідзе Ігнатаўне споўнілася б 105 год.

Нарадзілася яна 25 снежня 1918 года ў г. п. Багушэўск Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. У 1934 г. пасля заканчэння школы паступіла ў тэатральную студыю Другога Беларускага Дзяржаўнага тэатра (БДТ-2). Яшчэ навучэнкай Зінаіда Канапелька выступала ў масавых сцэнах, выконвала маленькія эпізадычныя ролі. У 1938 г. скончыла студыю, была залічана ў трупу тэатра, у якім працавала ўсё жыцця. У 1954 г. ёй прысвоена званне заслужанай артысткі БССР, а ў 1972 г. – народнай артысткі БССР. У 1989 г. актрыса стала ганаровым грамадзянінам Віцебска.

Першай значнай роляй З. Канапелькі на прафесійнай сцэне стала Кацярына Сэйдль у «Атэстаце сталасці» У. Фадора, якая вызначалася сваім тэмпераментам, абаяннем і асабліва характарам.

У час Вялікай Айчыннай вайны калектыў тэатра быў эвакуіраваны. У 1944 г. пасля доўгага перапынку першы пасляваенны тэатральны сезон адкрыўся спектаклем «Несцерка» В. Вольскага, дзе актрыса з тонкім лірызмам увасобіла вобраз Насці. Гераіня З. Канапелькі – натура моцная, здольная адстойваць сваё права на каханне, надзеленая непадробным пачуццём гумару. У пачатку творчай дзейнасці рэпертуар пераважна складалі маладыя гераіні. Запамінальнымі сталі вобразы Галі («Алазанская даліна»

К. Губарэвіча і І. Дорскага), Насці Вярбіцкай, Вікці («Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы» К. Крапівы), Дуні («Простая дзяўчына» К. Губарэвіча) і інш. Роля Ганны («Машэка» В. Вольскага) дапамагла выявіць не толькі вакальны талент актрысы, але і яе моцны тэмперамент. Набыты вопыт, прафесіяналізм, мноства сыграных роляў вывялі З. Канапельку ў склад вядучых майстроў сцэны. Яркімі, вострахарактарнымі сталі ролі простых жанчын (Паліна, Арына Радзівонаўна («Трыбунал», «Верачка» А. Макаёнка), Ягадка, Загуменная («Амністыя», «Мудрамер» М. Матукоўскага), Міхаліна («Трывога» А. Петрашкевіча), Ганна Ціханаўна («Блытаныя сцежкі»

К. Крапівы)), у якіх арганічна спалучаліся рысы драматычныя і камічныя, псіхалагічныя і фарсава-гратэскавыя. З глыбокім драматызмам стварыла вобраз Лявоніхі ў спектаклі «Лявоніха» П. Данілава. Зінаіда Канапелька паспяхова выступала і ў складаным класічным рэпертуары, што стаў для яе выдатнай школай прафесійнага майстэрства, значна пашырыў творчы дыяпазон. Спачатку іграла ролі маладых гераінь, розных па характары і душэўных парываннях. Машанька («Бяда ад пяшчотнага сэрца» У. Салагуба), Паліксена і Параша («Праўда – добра, а шчасце лепш», «Гарачае сэрца»

А. Астроўскага) – пры ўсёй адметнасці іх яднала вялікая сіла кахання, якое акрыляла, дапамагала перамагчы ўсе жыццёвыя перашкоды. У замежным рэпертуары ёю створаны шматгранныя вобразы лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф. Шылера), Ганерыллі («Кароль Лір» У. Шэкспіра), Састраты («Мандрагора» Н. Макіявелі), якія набліжалі да галоўнай класічнай ролі – каралевы Лізаветы («Марыя Сцюарт» Ф. Шылера). Таксама яна знялася ў мастацкіх стужках «Жыві, родная Беларусь!» (1944), «Алімпіяда» (1989).

Зінаіда Ігнатаўна адначасова з творчай дзейнасцю займалася грамадскай. Выбіралася кандыдатам у члены Віцебскага абкама КПБ, дэпутатам Віцебскага гарадскога Савета, была членам таварыства «Веды». Яна ўзнагароджана ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны», медалямі Францыска Скарыны, «За доблесную працу», «За працоўную адзнаку», «Ветэран працы». У 1994 г. актрыса атрымала вышэйшую ўзнагароду Беларускага саюза тэатральных дзеячаў – прыз «Крыштальная Паўлінка».

Зінаіда Ігнатаўна была яркай прадстаўніцай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. За сваё доўгае сцэнічнае жыццё актрыса стварыла больш за 200 вобразаў, многія з якіх увайшлі ў залаты фонд беларускага тэатральнага мастацтва, прынеслі ёй заслужаную павагу шматлікіх гледачоў не толькі ў краіне, але і за яе межамі.

Памерла 27.05.1997 года.