Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 130 - годдзя с дня нараджэння Цікоцкага Яўгена Карлавіча

  • 26.12.2023

Нарадзіўся ён у Санкт-Пецярбургу ў сям’і контр-адмірала. У доме Цікоцкіх часта збіраліся аматары-музыканты на музычныя вечары, дзе гучалі творы рускіх кампазітараў. У шасцігадовым узросце Яўген спрабаваў падбіраць на слых на раялі знаёмыя мелодыі. Разам з бацькам наведваў оперныя спектаклі і сімфанічныя канцэрты пад кіраўніцтвам А. Зілоці,

С. Кусявіцкага і А. Нікіша. Пад уплывам яркіх музычных уражанняў Яўген у 14 гадоў паспрабаваў напісаць першую сваю оперу “Басаўрук” паводле матываў аповесці “Вечар напярэдадні Івана Купалы” М. Гогаля.

Яўген Цікоцкі вучыўся ў Кранштацкім гімназічным пансіёне (1902–1904),  Пецярбургскай нямецкай гімназіі (1904–1907),  рэальным вучылішчы ў Царскім Сяле (1907–1911), Псіханеўралагічным інстытуце (1911–1914), на прыродазнаўчым аддзяленні фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта (1914–1915), адначасова ў прыватным музычным вучылішчы З. Бонч-Бруевіч.

У гады Першай сусветнай вайны служыў у Фінляндскім пяхотным палку. У 1919 г. яго накіравалі на Заходні фронт (прымаў удзел у вызваленні Беларусі ад белапалякаў). У вольны час арганізоўваў у войску мастацкую самадзейнасць – выступаў як саліст, акампаніятар, а таксама пісаў музыку. Пасля дэмабілізацыі прысвяціў сябе музычна-асветніцкай і творчай дзейнасці ў Беларусі.  У 1927 г. у Бабруйску Я. Цікоцкі працаваў загадчыкам вучэбнай часткі і выкладчыкам па класе фартэпіяна і тэорыі музыкі ў музычнай школе, адным з заснавальнікаў якой ён быў сам. У 1934 г. Яўген Карлавіч па запрашэнні Беларускага радыёкамітэта пераехаў у Мінск, займаў пасаду кампазітара радыё.

У гады Вялікай Айчыннай вайны творца быў эвакуіраваны (Уфа, Горкі, Масква), прадоўжыў пісаць песні і рамансы на вершы беларускіх паэтаў

А. Астрэйкі, М. Машары, А. Бялевіча і інш.

Пасляваенны перыяд у жыцці Я. Цікоцкага адзначаны плённай творчай і грамадскай працай. Ён пісаў музыку, артыкулы, працаваў мастацкім кіраўніком Беларускай дзяржаўнай філармоніі, выкладаў у музычнай школе-дзесяцігодцы, даваў кансультацыі самадзейным кампазітарам, узначальваў Саюз кампазітараў БССР (1950–1963), выступаў на радыё.

Творчы шлях Я. Цікоцкага ахоплівае больш за 40 гадоў і адлюстроўвае ўсе працэсы і з’явы станаўлення беларускага музычнага мастацтва. Кампазітар выступаў у розных жанрах опернай і сімфанічнай музыкі. Яго творы вызначаюцца складанай драматургіяй, інтэнсіўным вобразна-тэматычным развіццём, часта заснаваным на разгалінаваных лейтматыўных сістэмах. У першых кампазіцыях значнае месца займае беларуская народная песня, якая надала яго музыцы вобразнасць, меладычнасць, ладавыя асаблівасці (“Я табун сцерагу”, “Ты, чырвоная каліна”, “Кукавала зязюля”). У лік найбольш значных твораў кампазітара ўваходзяць оперы “Міхась Падгорны” (лібрэта П. Броўкі; пастаўлена ў 1939 г.).; “Алеся” (“Дзяўчына з Палесся”, лібрэта П. Броўкі). Таксама Я. Цікоцкі напісаў гераічную паэму для баса, хору і сімфанічнага аркестра “Буравеснік”; шэсць сімфоній; сімфанічную паэму “50 гадоў” (1966); уверцюру “Свята на Палессі” (1953) і іншыя творы. Кампазітар – аўтар музыкі да многіх драматычных спектакляў, кінафільмаў.

За высокія творчыя дасягненні і адданасць музыцы Я. Цікоцкі атрымаў ганаровае званне народнага артыста Беларусі (1953) і СССР (1955), узнагароджаны ордэнам Леніна (1944), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1940, 1949), ордэнам “Знак Пашаны” (1964) і медалямі. Імем выдатнага кампазітара названа музычная школа ў Бабруйску і вуліца ў Мінску. Памер 23.11.1970 года