Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Да 105-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Паўла Васільевіча Кармуніна

  • 27.01.2024

Нарадзіўся 28 студзеня 1919 г. у вёсцы Вялікія Ключы Казанскай губерні (зараз – Рэспубліка Татарстан). Сцэнічную дзейнасць пачаў падчас Вялікай Айчыннай вайны ў складзе франтавых брыгад мастацкай самадзейнасці. У 1946 г. запрошаны ў трупу тэатра Савецкай ваеннай адміністрацыі ў Берліне. У 1950 г. прыняты акцёрам у Казанскі драматычны тэатр імя В. Качалава, дзе яго заўважыў славуты рэжысёр–купалавец Леў Літвінаў, прызначыўшы на ролю Лявона ў спектаклі «Лявоніха на арбіце» Андрэя Макаёнка. Калі ў 1964 г. на кінастудыі «Беларусьфільм» экранізавалі гэтую п’есу (пад назвай «Рагаты бастыён»), на галоўную ролю зноў запрасілі Паўла Кармуніна.

Так ужо вядомы акцёр ва ўзросце 45 гадоў пераехаў у Беларусь і паступіў на службу ў Беларускі тэатр імя Янкі Купалы. Першая яго роля ў беларускім тэатры – грузінскага селяніна Іліко («Я, бабуся, Іліко і Іларыён» паводле Надара Думбадзэ i Грыгорыя Лордкiпанiдзэ) – засведчыла, што Павел Кармунін добра ўпісаўся ў ансамбль купалаўскага калектыву. За кароткі час ён дасканала авалодаў беларускай мовай, беларускае слова гучала ў яго шчыра і натуральна. Сярод яго сцэнічных работ – Сцяпан Крыніцкі ў славутай «Паўлінцы», Чарнушка ў інсцэніроўцы «Людзей на балоце» Івана Мележа, Лявон у «Раскіданым гняздзе» Янкі Купалы і Торгала ў «Браме неўміручасці» Кандрата Крапівы, Бацька ў «Парозе» Аляксея Дударава і Лука ў п'есе Максіма Горкага «На дне» і Вайніцкі ў Чэхаўскім «Дзядзька Ваня».

Багатая жанравая палітра дазваляла акцёру з лёгкасцю пераходзіць ад сур’ёзных і трагедыйных роляў (Зазыба ў “Плачы перапёлкі” І. Чыгрынава, Парфірый “У мяцеліцу” Л. Лявонава) да сатырычных і камедыйных (Хлопаў у “Рэвізоры” М.Гогаля, Кічкайла ў “Амністыі” М. Матукоўскага).

Вялікую папулярнасць і любоў гледачоў заваяваў П. Кармунін як акцёр кіно. Было некалькі дзясяткаў кінароляў у такіх фільмах як «Рагаты бастыён», «Я родам з дзяцінства», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Бацька і сын», «Соль зямлі» і іншых.

Амаль тры дзесяцігоддзі артыст выходзіў на купалаўскую сцэну. Апошні раз у дзень свайго 80–годдзя, ужо страціўшы зрок, выканаў ролю бацькі Аўдзея ў спектаклі «Страсці па Аўдзею» Уладзіміра Бутрамеева.

Памёр 1 сакавіка 2002 года.