Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь



Выстаўка "Легенда беларускай оперы"

  • 19.01.2018
19 студзеня а 16-й гадзіне Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ўрачыста адкрывае выстаўку “Легенда беларускай оперы” (да 90-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі С.А. Штэйна)


Штэйн Сямён Аляксандравіч — рэжысёр оперы, народны артыст Беларусі.

У 1953 скончыў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва. З 1953 працаваў у оперных тэатрах Куйбышава, Варонежа, Новасібірска. З 1970 рэжысёр Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі. Значным унёскам С. А. Штэйна ў беларускае мастацтва з’яўляюцца яго пастаноўкі нацыянальных опер ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета  Беларусі. Першым такім спектаклем стала опера Ю. Семянякі “Зорка Венера”. З цягам часу менавіта С. А Штэйн ажыццявіў пастаноўкі спектакляў Дз. Смольскага “Сівая легенда”, С. Картэса “Джардана Бруна”, Г. Вагнера “Шляхам жыцця”.

С. А. Штэйн арыентаваўся на стварэнне манументальных спектакляў, такіх як “Барыс Гадуноў” М. Мусаргскага і “Вайна і мір” С.Пракоф’ева.

За чатыры дзесяцігоддзі рэжысёрскай кар’еры Сямён Аляксандравіч паставіў каля васьмідзесяці спектакляў. Ён не абмяжоўваўся пастаноўкамі ў беларускіх тэатрах, а ставіў спектаклі і ў Вялікім тэатры ў Маскве, у Ленінградскім тэатры оперы і балета, у Каўнаскім музычным тэатры, оперных тэатрах Сафіі, Плоўдзіва і інш.

Апошнім  спектаклем  рэжысёра  стаў  твор  беларускага  кампазітара А. Бандарэнкі “Князь Наваградскі”.  Зараз у Нацыянальным Акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь ідзе толькі адзін спектакль, пастаўлены С. А. Штэйнам, — “Баль-маскарад” Дж. Вердзі.

На выстаўцы прадстаўлены матэрыялы з фондаў Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і Нацыянальнага Акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь: дакументы з архіва С. А. Штэйна, узнагароды, фотаздымкі, асабістыя рэчы артыста, афішы, праграмы, эскізы, касцюмы да спектакляў і інш.

Усіх сардэчна запрашаем!